
Супрацоўнікі Службы аховы дзяржмяжы (СОГГ) паведамілі, што 29 снежня арганізавалі паспяховую аперацыю па затрыманні кантрабанды. Перахоплівалі незаконны груз разам з мытнікамі і супрацоўнікамі ўпраўлення бяспекі кампаніі «Літоўская чыгунка».
У Вільні на чыгуначную станцыю Панярай прыехаў цягнік з Беларусі. Памежнікі праверылі тры вагоны грузавога цягніка, бо падазравалі, што ў іх можа быць кантрабанда. Так яно і выйшла. Падчас надгляду памежнікі выявілі вялікія мяшкі з грануламі сланечніка, сярод якіх знаходзіліся скрынкі з цыгарэтамі.
У астатніх вагонах кантрабанды не было. У Панарах выгрузіць і пералічыць усе гэта не ўдалося. Таму вагоны з кантрабандай адчапілі і адправілі па чыгунцы ў Кену: там чыгуначная станцыя мае неабходнае абсталяванне і ўмовы для ператрусу.
Гэты арышт стаў нетыповай аперацыяй памежнікаў, якая запатрабавала шмат часу як для перавозкі кантрабанды ў Кену, так і для яе выгрузкі і падліку. Сітуацыя ўскладнялася рознымі лагістычнымі пытаннямі, складанымі этапамі ўздыму сыпкіх грузаў. Спатрэбілася нямала фізічных сіл і часу, каб уручную выняць скрынкі з-пад цыгарэт, таму дакладны памер рэкорднага грузу стаў вядомы толькі на гэтым тыдні.
У трох затрыманых вагонах было схавана 672 тысячы пачкаў розных відаў кантрабандных цыгарэт з беларускімі этыкеткамі. Кошт такога грузу ў Літве з улікам усіх абавязковых падаткаў складае больш за 2,6 млн еўра. Гэта найбуйнейшы перахоплены кантрабандны груз за ўсю гісторыю працы памежнікаў з 2000 года, паведамляе Служба аховаы дзяржмяжы.
Але мажліва, маецца на ўвазе рэкордная партыя, якая перавозілася па чыгунцы. Бо ў 2021 годзе літоўскія мытнікі затрымалі фуру з кантрабанднымі цыгарэтамі на 2,7 млн. еўра.
Увогуле, 2021 год паставіў «рэкорд дзесяцігоддзя» па затрыманых кантрабандных цыгарэтаў. Статыстыкі за 2022-гі год яшчэ няма. Цікава, ці будуць пабітыя лічбы ўжо пазамінулага года?
