vicebskreg.online

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Общество

01.09.2025 16:28

44 просмотра

0 комментариев

Прафесійны шлях і творчы лёс настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, віцебскай паэтэсы Алены Гінько

Для настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, віцебскай паэтэсы Алены Гінько новы навучальны год заўсёды хвалюючы час сустрэчы з вучнямі віцебскай гімназіі № 7 імя П. Я. Кандраценкі.

Напярэдадні Дня беларускага пiсьменства мы сустрэліся і пагутарылі пра прафесійны шлях і творчы лёс чалавека, адоранага паэтычным талентам.



Першыя шляхі-дарогі


Алена Гінько родам з маленькай вёскі Тузбіца Пастаўскага раёна. У шэсць гадоў яна засталася без маці. Давялося ёй не па казках, а ў рэальнасці адчуць нелюбоў мачахі, звыкнуцца з такім лёсам. Дзяўчына не толькі добра вучылася, але і з цікавасцю займалася ў школьных гуртках — гімнастычным і народных танцаў, добра спявала, удзельнічала ў раённых творчых конкурсах. Варта дадаць, што асяроддзе, у якім расла будучая паэтэса, было беларускамоўным.

У выпускным класе паўстала пытанне, якую прафесію выбіраць і дзе вучыцца. Варыянтаў было некалькі: стаць артысткай, выбраць журналісцкую справу ці стаць настаўнікам. Алена Гінько абрала апошняе, паспяхова здала іспыты і паступіла на філалагічны факультэт БДУ імя У. І. Леніна.

— Я ўсведамляю сябе шчаслівым чалавекам, які вучыўся ў выкладчыкаў — вядомых паэтаў, пісьменнікаў, навукоўцаў, — адзначыла субяседніца. — Як цікава і плённа праходзілі лекцыі і семінары, творчыя сустрэчы... Я вельмі старанна вучылася, каб стаць сапраўдным знаўцам беларускай і рускай моў, скончыла ўніверсітэт з адзнакай.

Дыпламаваны спецыяліст Алена Гінько вырашыла жыць у Віцебску, была накіравана на працу ў сярэднюю школу № 39 (сённяшнюю гімназію № 7). Дарэчы, вершы на роднай мове маладая настаўніца пачала пісаць у горадзе на Дзвіне. Першы зборнік паэзіі «Самотная птушка» быў выдадзены ў 1999 годзе таксама ў Віцебску, пазней выйшлі ў свет зборнікі «Пяшчота пры журбе», «Я думала душой...». Дзякуючы творчай дзейнасці Алена Гінько пазнаёмілася з сапраўднымі «зубрамі» айчыннай літаратуры. Сустрэчы з Нілам Гілевічам, Іванам Шамякіным, Янкам Брылём, Леанідам Дранько-Майсюком назаўсёды застануцца для яе знакавай падзеяй.

Ёй у жыцці наогул шанцавала на добрых і шчырых людзей, якія ў розныя перыяды дапамаглі ўладкавацца ў Віцебску, падтрымалі ў той час, калі так патрэбны былі добрыя словы і мудрыя парады. Дзякуючы ім Алена Гінько змагла раскрыць свой творчы патэнцыял і стаць добрым настаўнікам для вучняў.

Гэтыя ўрокі не забываюцца


Алена Іванаўна адзначае, што яе артыстычныя таленты адразу заўважылі ў школе. Маладая настаўніца імкнулася, каб кожны ўрок беларускай мовы і літаратуры быў наглядным, эмацыйным, запамінальным. Дзякуючы плённай настаўніцкай падрыхтоўцы, дзеці рознага ўзросту сталі ўдзельнікамі фальклорна-тэатралізаваных святаў «Ігрышча», «Вяселле на Пастаўшчыне», паэтычных гасцёўняў, прысвечаных вядомым беларускім паэтам. За шматгадовую педагагічную дзейнасць Алена Гінько падрыхтавала нямала пераможцаў прадметных алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый і творчых конкурсаў рознага ўзроўню.

— Лічу, што на пазакласных мерапрыемствах па-максімуму раскрываецца індывідуальны творчы дар вучняў. Яны ахвотна ўключаюцца ў пошукавую работу, аналізуюць і адбіраюць матэрыял, дзеляцца ўражаннямі пасля чытання твораў, рыхтуюць сачыненні разважанні, водгукі, рэцэнзіі, — адзна­чыла Алена Іванаўна. — Мой гонар — вучні, якія цікавяцца мовай і літаратурай, жадаюць развівацца далей у гуманітарнай прасторы. Кожны навучальны год дзеці прымаюць удзел у прадметных і творчых алімпіядах, конкурсах, вяртаюцца з высокімі ўзнагародамі і вялікім душэўным уздымам. Напрыклад, Глеб Нікалаеў за свой выступ на рэспубліканскім конкурсе чытальнікаў вершаў атрымаў Гран-пры, Нэлі Бараноўская стала лаўрэатам ІІ ступені Рэспубліканскай выставы-конкурсу дзіцячай і маладзёжнай творчасці «Я родным краем ганаруся» ў намінацыі «Літаратурная творчасць». Ганаруся тым, што ў мінулым навучальным годзе мае вучаніцы, сямікласніца Эліна Сакалова і васьмікласніца Эвеліна Каранкевіч узнагароджаны дыпломамі першай ступені па выніках гарадскога тура алімпіяды сярод вучняў дзявятых класаў, а вучань сёмага класа Макар Парфёнаў стаў пераможцам Віцебскага абласнога конкурсу даследчых работ «Я пазнаю свет» па беларускай літаратуры. Шчыра радуюся за ўсе поспехі сваіх вучняў, а яны і праз шмат гадоў пазнаюць мяне на вуліцы і гавораць словы падзякі за яркія творчыя ўрокі.

Неспакойная душа паэта


Кранальная шчырасць і непасрэднасць у выяўленні эмоцый у вершах Алены Гінько зразумела кожнаму чытачу. Беларускія крытыкі адзначаюць, што яе паэзія — светла-самотная. Абсяг творчасці паэта даволі шырокі: сённяшняе і мінулае моцна знітаваны ў адно цэлае.

Тэма Бацькаўшчыны і тэма кахання — творчае крэда Алены Гiнько. У кнізе «Пяшчота пры журбе» ёсць радкі з верша «Бацькаўшчына», якія імгненна запамінаюцца: «Не ведаю большай красы, чым тая, што роднай завецца...». Гэты твор паэтэса прысвяціла Пастаўшчыне. Чытаючы верш «Мая мова», адчуваюцца самыя светлыя думкі аўтара пра народны моўны скарб. Мова, паводле Алены Гінько, саткана з самых пяшчотных кветак, яна глыбокая, празрыстая, нібы казачнае возера.

Сёння Алена Іванаўна актыўна друкуе лірычныя творы ў беларускіх газетах і часопісах, выступае на паэтычных імпрэзах, прымае ўдзел у адкрытых сустрэчах з каталіцкімі вернікамі.

— Маё жыццёвае крэда як настаўніка, паэта, чалавека: праз творчасць — да духоўнасці. Не ўяўляю сваё жыццё без мілагучнага беларускага слова, яно даўно стала голасам майго ўнутранага свету, часткай душы, — прызналася настаўніца. — Наша мова ва ўсе часы натхняла таленавітых людзей ствараць вершы, звяртацца да глыбокіх гістарычных каранёў, рабіць спробу пазнаць унутраны свет чалавека. Нашы пісьменнікі — Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Уладзімір Караткевіч падарылі свету бессмяротныя творы, якія застаюцца актуальнымі і зараз, у век тэхналогій і штучнага інтэлекту. Чытаючы беларускую літаратуру, мы адчуваем жывую і глыбокую духоўную сувязь пакаленняў.

У пошуках натхнення


— Чым натхняецца паэт і настаўнік Алена Гінько?

— Вельмі люблю слухаць добрую музыку, знаёміцца з творамі выяўленчага мастацтва, наведваць тэатральныя пастаноўкі віцебскіх артыстаў, вандраваць, удзельнiчаць у паломніцкіх паездках — гэта дае мне магчымасць дакранацца сэрцам да мастацтва. Мне падабаецца прырода ва ўсіх яе праявах. Я таксама цікаўлюся кулінарыяй, люблю пачаставаць салодкімі блінчыкамі, пірагамі сваіх вучняў. Яны дзякуюць і так сонечна ўсміхаюцца...

— З творчасцю якіх айчынных паэтаў параіце пазнаёміцца, каб адчуць прыгажосць і хараство беларускай мовы?

— Раю ўсім перачытаць лірыку славутых паэтаў Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Яўгеніі Янішчыц, Леаніда Дранько-Майсюка, Алеся Разанава, нашых віцебскіх паэтаў Алега Салтука, Вольгі Русілкі...

На творчай хвалі Алены Гінько

Мая мова


...Ты — з пялёсткаў
рамонкаў і ружаў,
Ты — з крыштальных
світанкаў і зор,
Не баішся ні ветру, ні сцюжы...
Ты — з блакітных істужак азёр,
О, мая найпрыгожая мова!

Шчэбет птушак, крыніц пералівы,
Звон цымбалаў, жалейкі журба,
Сад, дзе шэпчуцца яблыні, слівы,
Бераг рэчкі, дзе плача вярба...
Ты паўсюль, мая звонкая мова.

Мова Мележа, мова Купалы,
Птушка-вестка з вякоў глыбіні, —
Прытамляцца табе — не прыстала:
Разнявольвай свае карані, —
Бессмяротная, мужная мова.

Не саромейцеся (Старшакласнікам)


Не саромейцеся кахаць,
Расквячаючы свет пяшчотай,
І сваёй маладою цнотай
Гімн каханню, жыццю складаць.

Не саромейцеся любіць
Тое роднае, што адвеку:
Маці, бацькаўшчыну, чалавека —
І дабро на зямлі рабіць.

***

Надзея мая — у вершах,
У думках, добрых вачах,
Усмешках, слязах і, верце, —
У самых звычайных снах,
У промнях, дажджынках, росах,
У звоне капежных адліг,
У сэрцы вашым дзівосным,
У мроях...
І ў вас саміх.

***

Жыццё пражыць — не поле перайсці.
За жоравам імкнёмся пад аблокі.
Наканавана ж лёсам дзесь брысці,
Дзе несціся: то крокі, то падскокі...
То дождж лупцуе, то равуць грамы.
І ветразь вабіць, і гняце трывога...
Дар Божы — жыць (усведамляем мы),
А ўсе дарогі нашы —
гэта шлях да Бога.

***

Калі надыдзе сумаваць часіна
і ад нягод панікне галава,
звярнуся да аблокаў і хваінак,
мне дапамогуць кветкі і трава.
Няма спагады часта сярод люду,
і ўсё радзей сустрэнеш дабрыню...
Расянай кроплі я маліцца буду
за непадробленасць і чысціню.
Прамень асушыць горкую вадзіцу
і абагрэе ласкаю душу.
Зямлю малю, не ўмеючы маліцца,
ды веру: ёй не саграшу.

***

Зялёны ліст кранае пазалота,
калі ляцяць у вырай журавы...
Халодныя дажджы,туман і слота...
На скронях снег — гарчэй палын-травы.
Гарыць ліхтар агеньчыкам самотным
у цемры паміж сцішаных дамоў.
Іду адна вандроўнікам гаротным.
Ліхтар то ўспыхне, то прыцьмее зноў.
Шляхі і ростані...Святло і цемень...
Бясконца хваляй б’юся ў берагі.
А чалавек — пясчыначка, не крэмень.
Дзе мой прыстанак і прытулак ад тугі?
Дзе промень мой вясновы і гарэзны?
Дзе лецейка жаданае? Дзе май?
Трымціць душа струной надрэзанай.
... Трымай мяне, саломінка, трымай.

Філасофія ўмоўнасці


Такая вялізная пойма —
ды марная ў пойме травіна.
З крынічкі рака ледзь бруіцца —
ды грозна ракоча турбіна.
Такое высокае дрэва,
а кружыцца нізка лістота.
Усіх разумееш, здаецца,
а сам не пазнаў яшчэ, хто ты.
Такая гарачая зорка —
ды столькі вакол яе лёду.
Здаецца сваё — салёным,
чужое ж — гарою мёду.
Усё зразумела, па-мойму,
як шлейф прыдарожнага пылу...
Ды толькі шырэй, чым дарога, —
сцяжынка, дзе мама хадзіла.

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Юлія ПРЫШЧЭПА. Фота аўтара.

Последние новости