vicebskreg.online

Информационный портал

Социальные сети:

Новости Витебского региона Общество

16.03.2023 11:15

209 просмотров

0 комментариев

Абламейка: «У беларусаў па вялікім рахунку няма сяброў на гістарычным полі»

Як так здарылася, што нідзе ў свеце не аказалася трыадзіных народаў, а ў расійскай свядомасці раптам з’явіўся, чаму нават у Празе прыходзіцца абараняць Скарыну і да чаго можа прывесці «вайна гісторый»?

Пра актуальнасць тэмы і цяжкасцях беларусаў у прасоўванні сваёй павесткі расказаў доктар гісторыі Сяргей Абламейка.

— Гаворыцца, што «вакол Беларусі ідзе вайна гісторый». Патлумачце, што гэта азначае? Чаму менавіта зараз адчулася патрэба ў такім праекце?

— Калі мы паглядзім на вайну, якая цяпер ідзе паміж Расіяй і Украінай, то ўбачым, што там страляюць не толькі ракеты і снарады, але і гістарычныя аргументы. Нагадаю, што, літаральна за паўгода да вайны быў апублікаваны артыкул Уладзіміра Пуціна пра гістарычнае адзінства расійскага і ўкраінскага народа.

Канешне, выкладзеныя там гістарычныя факты былі падагнаныя пад мэту, але гэта і ёсць «вайна гісторый»: палітыкі раптам пачалі шукаць абгрунтаванне сваёй дзейнасці, сваіх мэт у гісторыі.

І тут самая вялікая праблема, што Расія раптам скочыла на 150-170 гадоў назад, у 19 стагоддзе. Бо тое, што цяпер паўтарае расійская эліта, расійскі палітычны бамонд і прапаганда, — усе гэтыя штампы былі сфармуляваныя менавіта ў 19 стагоддзі. Гэта звычайная імперская ідэалогія. У тым ліку і пра трыадзіны народ. Нідзе ў свеце няма трыадзіных народаў і трыадзіных нацый, няма народу з трыма мовамі, а ў расейцаў, аказваецца, ёсць.

Па-другое, з пункту гледжання навукі — гэта дзікасць і хлусня. Цалкам не ўлічваецца, што ўсё 20 стагоддзе гістарычная навука, сацыялогія, антрапалогія, паліталогія займаліся вывучэння феномену нацыі. Менавіта з пачатку 19 стагоддзя пачалі фармавацца нацыі як новыя гістарычныя супольнасці людзей.

І раптам усё гэта адмаўляецца. Няма ўкраінцаў і ўкраінскай нацыі, няма беларусаў і беларускай нацыі. Расія спрабуе нас усіх вярнуць у свой наратыў 19 стагоддзя, яна вядзе гістарычную вайну.

Другая рэч, што ў прынцыпе ва ўсім свеце беларусы маюць праблему з тым, што наша гісторыя застаецца тэра інкогніта, невядомай для большасці гісторыкаў. Ёсць толькі адзінкавыя спецыялісты кшталту амерыканскага прафесара Цімаці Снайдэра.

Бяда ў тым, што большасць кафедраў славістыкі ва ўсім свеце — гэта найперш кафедры русістыкі. Там людзі ведаюць рускую мову і займаюцца Расіяй. І гэта прадвызначае іх погляд. Яны і Беларусь бачаць праз прызму Расіі. Часта на аснове прац гісторыкаў з белай эміграцыі 20 стагоддзя, якія пісалі, што няма ніякіх беларусаў, што наша мова — гэта нейкі дыялект, што беларусаў адарвалі палякі, а Расія іх вярнула, а мы звычайныя рускія праваслаўныя людзі.

Гэтыя кафедры славістыкі — як культурныя амбасады Расіі па ўсім свеце.

— Атрымліваецца, што нам даводзіцца адбівацца з усіх бакоў, а не толькі змагацца за нашу гісторыю з бліжэйшымі суседзямі?

— Прывяду прыклад. У 1956 годзе ў Гарвардскім універсітэце выйшла кніжка, якая называлася «Беларусь. Фармаванне нацыі» (Belarussia. Тhe making of the nation). Выдаў яе філолаг Мікалай Вакар, расійскі белы эмігрант. Гэта фактычна гісторыя Беларусі на англійская мове.

І там паўтараліся ўсе расійская стэрэатыпы: што беларусы — вельмі забіты неадукаваны народ ў Расійскай імперыі, адмоўна ацэньваецца беларускі нацыяналізм, дзеячы БНР, Усебеларускі з’езд 1917 года, карыкатурна паказаная беларусізацыя 20-х гадоў 20 стагоддзя, сцвярджаліся абсурдныя рэчы, што цалкам ў БССР была забаронена расійская мова і нават беларускія дыялекты. Абсалютна адарваная ад рэальнасці рэч.

І што вы думаеце: у 2013-2014 гадах Гарвардскі ўніверсітэт двойчы перавыдаў гэтую кніжку ў электронным выглядзе!

Яшчэ прыклад. Я вось знаходжуся ў Празе — і тут, у Карлавым унiверсітэце, ёсць гісторыкі — выхадцы з Расіі, якія адмаўляюць, што Скарына быў беларусам. Кажуць, што беларусаў у 16 стагоддзі не было, былі нейкія рутэны, нават не русіны, — маўляў, не лезьце і не прымазвайцеся да Скарыны. Уявіце сабе, у наш час!

Таму ў беларусаў, па вялікім рахунку, няма сяброў на гэтым гістарычным полі. І бяда ў тым, што нармальнае развіццё гістарычнай навукі паралізавана і ў Беларусі. Амаль 29 гадоў існуе рэжым, які не спрыяе нармальнаму вывучэнню гісторыі Беларусі.

І вось ужо на Замкавай гары ў Вільні ўстаноўленая шыльда на літоўскай і ўкраінскай мовах, дзе напісана, што гэта месца сумеснай гістарычнай славы дзвюх дзяржаў — Літвы і Украіны. Русіны Вялікага княства Літоўскага фактычна разглядаюцца, як украінцы, а на афіцыйную мову ВКЛ сёння большасць схільная глядзець, як на стараўкраінскую.

Нас няма. Вось у гэтым саюзе ўкраінцаў, палякаў, літоўцаў няма беларусаў. Ужо 30 гадоў мы выразаныя з гісторыі.

І трэба хаця б тым гісторыкам, якія апынуліся сёння за мяжой, старацца ўдзельнічаць у міжнародных канферэнцыях, публікавацца па-англійску, вучыць мову і неяк даносіць наш пункт гледжання, як мы бачым гісторыю ўласнымі, беларускімі, вачыма.

— А ці будуць да ўдзелу ў гутарках запрашацца нейкія замежныя гісторыкі, каб можна было пачуць і абмеркаваць розныя погляды і падыходы?

— Плануем размовы з гісторыкамі з Італіі, Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Літвы і, я спадзяюся, з Украіны. Мы будзем старацца нават у нейкіх гутарках пачуць іх погляд і паспрабаваць разабрацца, што супольнага ў нас можа быць і які агульны погляд можа быць выпрацаваны.

Бо, напрыклад, калі сёння ідуць спрэчкі пра мову выданняў Скарыны, то ў Празе ёсць навукоўцы, якія адмаўляюць, што Скарына выдаў Біблію па-беларуску, маўляў, гэта была царкоўнаславянская мова. Так нават сцвярджалі і некаторыя беларускія лінгвісты. Хаця вось аўстрыйскі прафесар Міхаэль Мозар — ён сёння лічыцца найбуйнейшым спецыялістам па старабеларускай мове, — у адным з інтэрв’ю мне сцвярджаў, што ён бы ніколі не мог назваць мову выданняў Скарыны царкоўнаславянскай.

Дарэчы, у нас з Міхаэлем Мозарам запланаваная гутарка ў красавіку.

— Першую тэму, якую вы абралі для пачатку праекту — гэта постаць Кастуся Каліноўскага. Чаму менавіта ён?

— Ягоная асоба таксама стала часткай гібрыднай вайны, якую вядзе Расія.

У свой час я напісаў кніжку пра Каліноўскага, дзе паказаў, што ён з’яўляецца заснавальнікам мадэрнай беларускай нацыі. Каліноўскі першы паставіў палітычнае пытанне існавання Беларусі. Бо ў канцы 18-га — пачатку 19 стагоддзя традыцыйна так называлася толькі ўсходняя палова Беларусі, тады як заходняя звалася Літвой.

І вось на працягу 19 стагоддзя стала расці разуменне, што і мова, на якой размаўляе гэты народ, беларуская, і ўся тэрыторыя — гэта Беларусь.

Гэта адбывалася найперш у сферы культуры. Першымі пытанне ўзнялі яшчэ уніяцкія святары, прафесары Віленскага універсітэту. Так, Міхал Баброўскі ў 1826 годзе на адкрыцці курсу славяназнаўства заявіў, што дзяржаўнай мовай і мовай статутаў ВКЛ была беларуская.

А вось палітычна гэтае пытанне ўпершыню паставіў Кастусь Каліноўскі, які 1 лютага 1863 года абвясціў пра стварэнне ў Вільні часовага правінцыйнага ўраду Літвы і Беларусі. Для польскіх паўстанцаў ужо тады слова ліцьвін азначала тое, што сёння летувіс (літовец, балт). І калі размова ішла пра самастойнасць былога ВКЛ, то яно разглядалася, як дзяржава двух народаў, якая складалася фактычна з дзвюх краін — з Літвы і Беларусі. І гэта была першая палітычная суб’ектнасць Беларусі, і аўтарам яе з’яўляецца Каліноўскі.

Канешне, ён канцэнтраваўся на беларускім народзе, да яго звярнуўся перад смерцю ў сваім палітычным запавеце «Лісты з-пад шыбеніцы». І верш да каханай дзяўчыны ён напісаў таксама па-беларуску. Нават дакументы ён выдаваў на мове.

Сёння ў Расіі постаць Каліноўскага спрабуюць скампраметаваць. Адразу пасля выхаду маёй кніжкі ў 2020 годзе пачалася кампанія па яго дыскрэдытацыі, дагэтуль тамтэйшыя гісторыкі пішуць артыкулы і працы з абвяржэннем яе тэзісаў. Так, гэта прапаганда, але найперш б’юць па Каліноўскім, бо гэта аснова.

Сёння ва ўмовах «вайны гісторый», якую распачала Расія, роля гісторыкаў ў публічнай прасторы ўзрастае. Ужо недастаткова проста ўдзельнічаць у канферэнцыях, пісаць толькі навуковыя працы.

Цяпер гісторыкі павінны ахвяраваць частку свайго часу публіцыстыцы, больш пісаць у сацыяльных сетках, выдаваць навукова-папулярныя кніжак, удзельнічаць у такіх вось праектах, як наш. Бо прапаганда вельмі моцная, гібрыдная вайна вельмі моцная.

— А якім яшчэ фігурам (падзеям) плануеце прысвяціць свае выпускі?

— Пра шматлікую эліту ВКЛ, пра тых, хто кіраваў гэтай дзяржавай, бараніў яе. Для кожнага пакалення варта час ад часу нагадаць, хто такі быў Леў Сапега, што ён зрабіў для сваёй краіны і свайго народу. Бо сёння літоўскі школьнік ведае Сапегаса ці Хадкявічуса, і нават гаворкі не ідзе, што Хадкевіч ці Сапега былі нейкімі там русінамі-беларусамі.

Вельмі шмат гістарычных фігур Беларусі патрабуюць такой ўвагі і акцэнту на іх дзейнасці.

— Зараз шмат беларусаў з’ехала з краіны і, канешне, ёсць пагроза страты вось гэтай ідэнтычнасці, рашчаплення ў іншых культурах. З другога боку, тыя, хто застаўся, таксама адчуваюць ціск расейскасці, якая падаграваецца на дзяржаўным узроўні.

Гэты праект, як вам падаецца, больш для каго — для тых, хто застаўся, ці тых, хто з’ехаў? І на каго ён больш разлічаны — на знаўцаў беларускай гісторыі ці тых, хто толькі пачаў ёй цікавіцца.

— Для усіх. Для беларусаў ўсяго свету — беларусаў у Беларусі і беларусаў за мяжой. Тых, хто здольны пачытаць ці пабачыць нашы выпускі.

Трэба таксама ўлічваць, што і сама гісторыя Беларусі шырокаму колу людзей невядомая. Шмат для каго там будуць нават нейкія сенсацыйныя рэчы.

Напрыклад, зараз выходзіць гутарка пра гісторыю алкаголю. Там ёсць цікавы факт, што гарэлка ў Расію патрапіла менавіта з Беларусі. Гэта мы навучылі расіян яе вырабу ў 18 стагоддзі. Паколькі менавіта Беларусь мела мяжу з Расіяй, то менавіта ад нас тэхналогіі, што былі ў Рэчы Паспалітай, і трапілі туды.

— А наколькі цяжка змагацца з дзяржаўнай прапагандай, асабліва ў часы, калі нават кнігі па гісторыі прызнаюцца экстрэмісцкімі.

— Цяжка. Але разам з тым у сённяшнім свеце інфармацыя даступна практычна ўсім, ёсць спосабы абыходу блакіровак і той, хто цікавіцца, хто хоча мець альтэрнатыву, заўсёды знойдзе праўду.

Сёння няма такога інфармацыйнага маналіту, які мог быць у 20 стагоддзі. Свет змяніўся і мяняецца далей.

— Вам як гісторыку і журналісту якія гістарычныя паралелі бачацца ў сувязі з тым, што зараз адбываецца ў Беларусі? Можа, нешта падобнае як раз было падчас рэакцыі на паўстанне Каліноўскага? І, канешне, хацелася б, разумець, што нас чакае, гледзячы з гістарычнай вышыні.

— Сапраўды, бачацца паралелі з паўстаннем 1863 году, а таксама з рэвалюцыяй 1905-1907 гадоў у Расіі. Пасля абодвух наступіла рэакцыя — тое, што мы зараз назіраем у Беларусі. Пасля паўстання Каліноўскага яна цягнулася даволі доўга — некалькі дзясяткаў гадоў. Толькі праз 20-30 гадоў, у 80-я — пачатку 90-х, нешта пачало ажываць.

А вось пасля рэвалюцыі прайшло ўсяго 10 гадоў, як здарылася іншая. Канешне, гэтаму паспрыяла і геапалітычная сітуацыя — Першая сусьветная вайна. Але так ці іначай, мы павінны спадзявацца на тое, што цяпер зусім іншы час, іншы свет, свет інфармацыйных тэхналогій. І сёння не ўдасца надоўга гэта зацягнуць.

Я не магу сказаць праз год-два-пяць, але перамены ўсё адно здарацца. І больш верагодна, што яны будуць раней, чым пасля ўзгаданых падзей. Час паскараецца, свет мяняецца.

Вераніка Бялова

Последние новости